Читать по-русски


/

«Новая неба» і «Крама», N.R.M і «Ляпіс Трубецкой», Dzieciuki і Зміцер Вайцюшкевіч — гэтых гуртоў і выканаўцаў аб’ядноўвае агульны радок у біяграфіі. У розныя часы іх канцэрты былі адмененыя. Журналіст Cяргей Будкін, які арганізаваў шэраг культурных мерапрыемстваў, згадвае пра самыя гучныя забароны ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Святкаванне Дня Волі на БТ і пратэст супраць дзеянняў міліцыі

У 1990-я гады выступы праходзілі без асаблівых перашкодаў. Напрыклад, канцэрт на Дзень Волі ў 1993-м паказвалі па Беларускаму тэлебачанню, а Аляксандр Саладуха ды Іна Афанасьева ў 1994-м крычалі са сцэны «Жыве Беларусь!». Музыкаў падтрымліваў мясцовы бізнес і замежныя фонды (напрыклад фонд Сораса). Фірма «Дайнова» фінансавала запіс новых альбомаў і канцэрты беларускіх артыстаў, а на «Рок-каранацыі» у якасці прызоў раздавалі бытавую тэхніку.

У цэлым паміж творцамі і прадстаўнікамі ўладаў не існавала асаблівай еднасці, але не назіралася і адкрытай канфрантацыі. Праўда, здараліся і выключэнні з правілаў.

У 1993 годзе на сваім першым у гісторыі выступе гурт Deviation выканаў песню пад назвай «Міліцэйскі тэрор». Музыкі прысвяцілі яе былому начальніку Бераставіцкага РУУС, маёру Драчову, які застрэліў з табельнай зброі жонку, параніў сына і быў асуджаны на 15 гадоў.

Группа Deviation. Фото: vk.com/grodnocitymusic
Группа Deviation. Фото: vk.com/grodnocitymusic

Пасля канцэрта лідар гурта Стас Пачобут, якому на той час не было 18 год, трапіў на 10 сутак за краты — «за заклік да самасуду», басіст — ягоны брат Андрэй атрымаў 15 сутак, а бубнач Бахціяр Хасанаў быў аштрафаваны. У 1996-м Deviation выдадуць дэбютны альбом пад назвай «Lukashenko… Uber Alles», дзе крытыкаваўся і дзейны прэзідэнт, і ягоны апанент Зянон Пазняк.

Deviation стане пераможцам «Басовішча-1999» і будзе названы найлепшым рок-гуртом краіны ў гэтым жа годзе паводле апытання «Музыкальной газеты», адзін з сваіх альбомаў выдасць у Францыі. Лідар Стас Пачобут, які жыве ў Пецярбургу, працягвае пісаць песні і даваць канцэрты. Цяпер пераважна адзін з гітарай.

Адзін з першых забароненых канцэртаў у незалежнай Беларусі — выступ гурта žygimont VAZA, якія былі зацятымі антыкамуністамі ды ладзілі акцыі і фэсты пад красамоўнымі назвамі F…king Communism, «Яны не пройдуць». На 23 лютага 1995 года быў прымеркаваны іх канцэрт, прысвечаны дню Беларускай краёвай абароны (вайсковае фарміраванне, створанае падчас нямецкай акупацыі).

Як сцвярджаў лідар гурта Сяргей Скрыпнічэнка, выступ быў адменены кіраўніцтвам Савецкага райвыканкама Мінска і асабіста Сяргеем Калякіным, у будучым вядомым апазіцыйным палітыкам. Музыкі пайшлі на прынцып: перацягнулі апаратуру на балкон кватэры аднаго з удзельнікаў, сыгралі некалькі песень і апынуліся ў пастарунку за парушэнне грамадскага парадку.

Відэа: musicbelarus

Гурт žygimont VAZA запіша 10 альбомаў і праіснуе да 2008 года. У апошнія пару год да яго далучыцца спявачка Вольга Самусік. Лідар гурта — вядомы беларускі дызайнер Сяргей Скрыпнічэнка, сын мастака Георгія Скрыпнічэнкі, цяпер распрацоўвае калекцыі гадзіннікаў для завода «Луч».

Першыя забароны на з’яўленне ў эфіры адбыліся ў 1995 годзе. Тады ў краіне прайшоў рэферэндум, паводле якога герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг страцілі статус дзяржаўных, руская мова атрымала той жа статус, што і беларуская, браўся курс на інтэграцыю з Расіяй. Кася Камоцкая і гурт «Новае неба» адрэагавалі на яго вынікі песняй «Прэзідэнт, ідзі дамоў». Цікава, што яе запісалі на студыі беларускага дзяржаўнага радыё. Пасля выканання гэтай кампазіцыі ў яго эфір гурт больш не запрашалі.

Відэа: secondbelarus

У 1996 годзе гурт «Крама» запісаў песню «Гомельскі вальс». Разам з Ігарам Варашкевічам яе выканалі лідар гурта «Палац» Алег Хаменка і лідар ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Працу прымеркавалі да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, рэжысёр Ягор Хрусталёў зняў на яе кліп. Прэм’еру запланавалі на 26 красавіка, але яна так і не адбылася. Магчыма, прычына хавалася ў наступных словах: «Гэта наш лёс, гэта наш шлях». Якраз тады на «Чарнобыльскі шлях» збіралася да 50 тысяч чалавек.

Відэа: KRAMA [афіцыйны канал]

«Крама» працягвае выступаць. У наступным годзе гурт справіць 30-гадовы юбілей.

Тэлефанаванні гледачам і гурты з іншымі назвамі

Нягледзячы на ідэйнае супрацьстаянне, альтэрнатыўныя музыкі ўсё ж мелі магчымасць легальна выступаць па ўсёй краіне. Іх кліпы дэманстраваліся па БТ, яны давалі інтэрв'ю дзяржаўным СМІ. Нават сумесны праект «Я нарадзіўся тут» з гімнамі БНР розных часоў запісваўся на студыі Белтэлерадыёкампаніі.

Усё карэнным чынам змянілася 21 ліпеня 2004-га. У тым годзе ў краіне прайшоў рэферэндум. На ім Аляксандр Лукашэнка атрымаў дазвол балатавацца на пасаду прэзідэнта больш за два разы (дагэтуль існавала абмежаванне). Дэпутаты парламента з апазіцыйнай фракцыі «Рэспубліка» зладзілі ў Мінску дазволеную акцыю пад назвай «Не трэцяму тэрміну». На ёй выступілі і шэраг беларускіх гуртоў. Перад выступам гурта Neuro Dubel была адключана электрычнасць, але музыкі разам з гледачамі праспявалі «Резиновый дом» акапела.

На наступны дзень інцыдэнт пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка:

— Заплацілі за гадзіну электрычнасці, адыгралі там «дзюбелі» ды іншыя «палацы», ну ўсё — за другую гадзіну не плацілі, электраэнергіі няма. Плаціце з запасам і танцуйце. Танцуйце колькі хочаце, але там, у гайд-парку беларускім, на Бангалоры, вы нікому не замінаеце.

Як пісала «Камсамольская праўда», чыноўнікі ўзяліся за працу па адным намёку. Гурт «Палац» у поўным складзе застаўся без афіцыйнай працы — музыкаў звольнілі з «Белканцэрта».

Таксама Аляксандра Памідорава знялі з вядзення праграмы «Тэхналогія» на «СТВ», закрылі праграму «Настаўніцкая» Алега Хаменкі на гэтым жа тэлеканале. З таго часу канцэрты гуртоў N.R.M., Neuro Dubel, «Палац», Zet, Pomidor/off, Drum Ecstasy, Змітра Вайцюшкевіча (таксама да гэтага спісу далучаць «Краму» з «Крамбамбуляй») адмяняліся адзін за адным.

Відэа: Thomas Nordanstad

Каб абысці забароны, канцэрты ладзіліся падпольна і без рэкламы. Запрашэнні на яго дасылаліся па фан-базе, альбо арганізатары проста абтэлефаноўвалі надзейных людзей. Таксама канцэрты маскіраваліся пад карпаратыўныя святы і дні народзінаў.

Каб абхітрыць чыноўнікаў на публічных мерапрыемствах, музыкі часам ішлі на змену назвы. У той час аўтар гэтага тэкста быў прадусарам цырымоніі «Рок-каранацыі» і асабіста ўгаварыў Сашу Куллінковіча, Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, каб іх гурты былі заяўлены пад іншымі назвамі. Інакш выступ бы проста не адбыўся. Таму на сцэну выйшлі адпаведна — гурт «Выпіць і паплакаць», Лявон Вольскі з бэндам і гурт «Варашкевіч і Ка».

Таксама тады з’явілася ідэя ладзіць канцэрты беларускіх гуртоў у суседніх краінах. Першапраходцам тут быў N.R.M.: іх канцэрт у Вільні ў 2006-м мне пашчасціла арганізаваць разам з літоўскімі партнёрамі. Беларускія гурты таксама можна было паслухаць на фэсце «Басовішча», які ад 1990 году ладзілі беларускія студэнты Польшчы. Быў запачаткаваны яшчэ выязны беларускі фэст «Быць свабодным» (Be Free), які праходзіў ва ўкраінскіх гарадах тры гады запар.

Больш чым тры гады ніхто з чыноўнікаў і ведамстваў афіцыйна не браў на сябе адказнасць за гэтыя забароны. Але ў лістападзе 2007 года апальныя музыкі былі запрошаныя ў Адміністрацыю прэзідэнта на размову з Алегам Праляскоўскім, тагачасным начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. Усе забароны былі знятыя.

Чорны спіс, які ніхто не пацвердзіў

Але ўжо праз чатыры гады, 2 сакавіка 2011 года, у Сеціве з’явіўся пералік беларускіх і замежных артыстаў, публічныя выступы якіх не варта дапускаць. Папера не мела ні подпіса, ні бланка, ніякіх каментароў ад чыноўнікаў з нагоды яе з’яўлення не было. Але ў шэрагу СМІ пацвердзілі, што такая папера існуе. Да згаданых вышэй беларускіх калектываў дадаліся гурты Naka і «Ляпіс Трубяцкой».

І хоць афіцыйна адказнасць за яго ніхто на сябе не ўзяў, але ў тым жа годзе быў адменены тур гурта «Ляпіс Трубяцкой», на які ўжо былі распрададзеныя ўсе квіткі. Сяргей Міхалок з гэтай нагоды заявіў, што ў Беларусі адбываецца «культурны генацыд». Пасля гэтага музыкам зацікавілася Генеральная пракуратура Беларусі, праводзіла праверку, але крымінальнай справы не завяла.

Моцна пацярпеў і Зміцер Вайцюшкевіч. На той момант шэраг яго песняў гучалі на радыё, яго запрашалі на дзяржаўныя тэлеканалы. Зміцер нават стаў выступаць на канцэртах Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча і пастаянна збіраў аншлагі на сольныя канцэрты. Але Вайцюшкевіч падтрымаў на выбарах 2010 года паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, напісаў шмат песень на яго словы. На яго думку, гэтым тлумачыліся шматлікія адмены яго канцэртаў.

Відэа: TuzinFM

У 2010-я канцэрты ў асноўным адмяняліся па званку, без аніякіх дакументальных сведчанняў. Сярод прычынаў адмены называлі праблемы з пажарнай сігналізацыяй, электрычнасцю, уцечку этыленгліколю ці працяканне даху і г. д.

Аўтар гэтых радкоў як арганізатар канцэртаў некалькі разоў сутыкаўся з наступнай сітуацыяй: большасць квіткоў прададзена, а мерапрыемства правесці немагчыма — дырэкцыя пляцоўкі проста адмаўлялася выконваць прапісаныя ў дамове абавязкі і гатовая была несці іміджавыя і фінансавыя страты, абы толькі не праводзіць канцэрт.

Вяртанне гастрольных пасведчанняў

У 2013 годзе ў Беларусі зноў пасля непрацяглага перапынку сталі афіцыйна выдаваць гастрольныя пасведчанні.

У 2014-м яго не выдалі гурту Amaroka. У дакуменце, які падпісала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава, сцвярджалася, што «змест твораў падпадае пад дзеянне п. 5 раздзела 2 Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Паводле гэтага дакумента забараняліся мерапрыемствы, у якіх прапагандавалася вайна або экстрэмісцкая дзейнасць, якія прадстаўлялі пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян. А таксама парушалі нормы аўтарскага права.

У наступным чыноўнікі неаднаразова спасылаліся на той жа пяты пункт. У розныя часы гастрольныя пасведчанні не змаглі атрымаць рэпер Vinsent, які сыграў галоўную ролю ў фільме «Жыве Беларусь!» і гурт Dzieciuki, які ў сваёй творчасці ставіць знак роўнасці паміж фашызмам і камунізмам.

Відэа: TuzinFM

Тая ж сітуацыя назіралася і ў асобных рэгіёнах. Так, у Оршы журналісты налічылі дзясятак адмоў.

Улады адмаўлялі існаванне чорных спісаў.

— Шчыра кажучы, не ведаю, з якога боку падысці да гэтага, — казаў у 2015-м Аляксандр Лукашэнка. — Можа, сапраўды кагосьці негалосна кудысьці не пускаюць. Можа, яны дзесьці і накасячылі. Можа, не час і не месца так да іх падыходзіць, можа, яны зменяць сваю пазіцыю, калі яна няправільная. Мне міністар культуры казаў, што няма ў нас спісаў. Але бывае, што адмарожаныя дзесьці нахамілі, супраць дзяржавы. Можа, давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў ім слова ў нейкім фармаце на тэлебачанні.

Але сітуацыя засталася ранейшай. Больш за тое, у 2017-м уступіў у сілу Кодэкс аб культуры. Цяпер выканаўца мог не атрымаць гастрольнае пасведчанне на падставе рэкамендацыі мастацкай камісіі. У 2017-м гурту Dzieciuki адмовілі ў выдачы пасведчання з-за яго «нізкага мастацкага ўзроўню». Аўтар гэтага тэкста змог даведацца склад камісіі толькі тады, калі падаў у суд, спрабуючы абскардзіць адмову. Калі верыць пратаколу пасяджэння, рашэнне прымалася на падставе раздруковак тэкстаў.

Відэа: TuzinFM. Адна з песень Алеся Дзянісава з праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі». Яе выканаўца не атрымаў гастрольнае пасведчанне праз «нізкі мастацкі ўзровень».

У 2010-я беларускія гурты, як і раней, можна было слухаць на выязных канцэртах. З 2013 года ў Вільні сталі перыядычна ладзіцца канцэрты праектаў Лявона Вольскага і гурта «Ляпіс Трубяцкой» з бясплатнымі візамі для беларусаў. Ладзіліся бас-туры на канцэрты тых жа «Ляпісаў» ва Украіне і Расіі. Dzieciuki, а потым і Brutto, ладзілі цэлыя туры па Польшчы, у тым ліку з прадастаўленнем бясплатных візаў для беларускіх прыхільнікаў.

«Існуючая практыка забаронаў часта негатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў»

Пры канцы 2010-х сітуацыя пакрысе стала змяняцца. У 2017-м годзе ў Prime Hall прайшоў першы за 7 гадоў афіцыйны сольны канцэрт Лявона Вольскага. Dzieciuki летась далі першы дазволены за тры гады канцэрт у Мінску і ўпершыню за сваю гісторыю легальна зайгралі ў родным Гродна.

У апошні час адмены ў асноўным тычацца прыезджых артыстаў, у асноўным рэпераў. У 2017-м пасля папярэджання пракуратуры не змог адбыцца канцэрт рэпера Face.

У афіцыйным папярэджанні, якое атрымалі арганізатары, сцвярджалася, што «тэксты песень маюць шмат ненарматыўнай лексікі, у іх прасочваецца адкрытае грэбаванне маральнымі і культурнымі каштоўнасцямі, прынятымі ў сучасным цывілізаваным грамадстве. Прапагандуецца распушчанасць у сэксуальных адносінах, грэбаванне да жанчын, інстытуту сям'і, школы».

Пазней у Мінску не змаглі выступіць шэраг спевакоў - напрыклад, гурт сусветнага маштабу Die Antwoord. Таксама не адбыліся некалькі канцэртаў беларускага рэпера Бакея.

Відэа: БЕЛСАТ LIFE

У 2019-м Бакею не дазволілі правесці канцэрты ў Віцебску, Брэсце і Мінску.

У тым жа 2019-м тэму забаронаў нават узняў міністр культуры Юры Бондар (усе ягоныя папярэднікі адмаўлялі іх наяўнасць).

— Існуючая практыка забаронаў часта негатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў (найбольш рэзанансныя забароны канцэртаў папулярных расійскіх рэп-выканаўцаў, а таксама сусветна вядомай паўднёваафрыканскай групы Die Antwoord). Забароны канцэртаў могуць быць інтэрпрэтаваныя як наяўнасць выяўленай цэнзуры, адсутнасць свабоды творчага самавыяўлення. Адназначна творчасць, якая прапагандуе ўжыванне наркотыкаў, суіцыды, асацыяльны лад жыцця і г. д., не павінна транслявацца са сцэны. У астатніх выпадках магчыма ўжыць больш строгі кантроль у дачыненні да ўзросту наведвальнікаў канцэртаў.

Cімвалічна, што тэкст ягонага даклада неўзабаве знік з сайта Міністэрства культуры.

Патрэбныя паслугі ў патрэбны момант
-30%
-12%
-10%
-10%
-20%
-10%
-25%
-20%
-10%
-50%
0070448